Пасьля шасьцігадовага побыту ў Рэспубліцы Беларусь і праз 14 гадоў з моманту маіх першых кантактаў з гэтай краінай я трапіў – не зусім выпадкова – у горад Ольдэнбург. Ольдэнбург - гэта горад са 160000 жыхароў у фэдэратыўнай зямлі Ніжняя Саксонія ў Паўночнай Нямеччыне, дзесьці за 40 км ад г. Брэмэн. Інстытут славістыкі ўніверсітэта імя Карла фон Асецкі ў Ольдэнбургу, у якім я буду працаваць з кастрычніка, ужо некалькі гадоў спэцыялізуецца на беларусістыцы (беларускае мовазнаўства і літаратуразнаўства). Тут ёсьць некалькі цікавых дасьледчых праектаў, між іншым, адзін мовазнаўчы праект на тэму трасянкі. Аднак пра гэта я буду распавядаць пазьней!
Амаль чатыры тыдні я жыву ў Ольдэнбургу і ніяк не магу адчапіцца ад думкі, што поўнач Нямеччыны, як Ніжняя Саксонія так і Мекленбург-Пярэдняя Памэранія, мае шмат агульнага зь Беларусьсю, з той краінаю, дзе мне даводзілася вучыцца й працаваць шмат гадоў.
Ніжняя Саксонія ў тым сэнсе падобная да Беларусі, што яна вельмі плоская зямля, як і Беларусь, дзе найвышэйшае месца, Дзяржынская гара, мае вышыню ўсяго толькі 345 метраў. Шмат прыроды ў абедзьвюх землях і мала прамысловасьці. Як Паўночная Нямеччына, так і Беларусь з’яўляюцца слаба урбанізаванымі рэгіёнамі, але затое і тут і там існуюць шмат вёсак, маленькіх камун і пасёлак. Здаецца, што жыцьцё на вёсцы ўздзейнічае на лад жыцьця і на склад думак, на сьветапогляд у абедзьвюх землях падобным чынам. Штодзённае жыцьцё, падаецца, вельмі павольнае, сузіральнае, задуменнае, ціхае. У той час як Беларусь з’яўляецца краінай багатай лясамі, у Ніжняй Саксоніі, аднак жа, дамінуюць шырокія зялёныя раўніны: палі ды Heiden *. Адна з найбуйнейшых галін эканомікі ў паўночнанямецкіх землях – гэта сельская гаспадарка (як і ў Беларусі). У Ніжняй Саксоніі аднак, велічэзнае значэньне мае й турызм (а ў Беларусі?).
Адразу кідаецца ў вочы яшчэ адна паралель. Размова йдзе пра моўную сітуацыю. Беларусь жыве ў становішча асымэтрычнага двухмоўя. Гэта значыць: з аднаго боку, у Беларусі ёсьць дзьве афіцыйныя і раўнапраўныя мовы, беларуская мова й расійская мова. Тым ня менш людзі аддаюць перавагу апошняй, таму многія беларусы валодаюць беларускай моваю толькі пасыўна й пры актывізацыі сваіх ведаў робяць шмат граматычных і лексычных памылак.
А якія тут можна правесьці паралелі з паўночнай Нямеччынаю? “Стандартная” нямецкая мова, так званы Hochdeutsch, безумоўна з’яўляецца (адзінай) афіцыйнай дзяржаўнай моваю ў Нямеччыне. Поруч з гэтым існуюць яшчэ дзьве мовы: з аднаго боку так званая ніжненямецкая мова (у размоўнай нямецкай таксама Plattdeutsch альбо Platt), якая, аднак, у адрозьненьне ад прынятага меркавання не ўяўляе сабой дыялект, а па сваёй сутнасьці й па структуры ёсьць самастойная мова, а зь іншага ж боку - фрызская мова, якая з’яўляецца афіцыйна прызнанай мовай нацыянальнай меншасьці. Ніжненямецкая мова альбо Plattdeutsch усё больш і больш выціскаецца Hochdeutsch. На Plattdeutsch часта размаўляюць толькі ў сем’ях. Як правіла толькі старэйшае пакаленьне ў вёсках яе ўжывае. Паралель зь Беларусьсю відавочная. Маладзейшае пакаленьне нават успрымае Plattdeutsch як „нізкую“ гаворку сялянскага народа. Падобна да сітуацыі ў Беларусі, але з той маленькай розьніцай, што тут, на шчасьце, моладзь усё больш і больш адважваецца размаўляць па-беларуску – і робіць гэта зь вялікім задавальненьнем.
Яшчэ адна агульная рыса паміж Ніжняй Саксоніяй і Беларусьсю (як мне здаецца!): сярэднявечныя кірмашы, на якіх наведвальнікам прапаноўваюць стравы і напоі Сярэднявечча і праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы. Гэта можна параўнаць з “рыцарскімі фэстамі” ў Беларусі, якія, шчыра кажучы, ня вельмі папулярныя (ці вядомыя?) сярод сталых жыхароў, але ўсё ж такі ўтвараюць абавязковую частку культурнага жыцьця ў Беларусі, і таму маюць гістарычнае і краіназнаўчае значэньне. Нягледзячы на маё асабістае назіраньне ў паўночнай Нямеччыне, мне сказалі, што падобныя мерапрыемствы распаўсюджаныя ва ўсёй Нямеччыне – проста трэба ведаць, калі й дзе яны адбываюцца (www.spectaculum.de, www.fogelvrei.de).
Але! Паўночная частка Нямеччыны можа пахваліцца нечым, чаго ў Беларусі проста няма: мора. Калі б Беларусь мела сваё мора, дык там, на беразе Беларусі, выглядала б падобна як на беразе нямецкага Паўночнага альбо Балтыйскага мора. Кілямэтровыя пляжы й выдмы. І, канешне, лазьні! Калі я нядаўна быў на Паўночным моры, я ўбачыў нешта накшталт жылых прычэпаў, якія стаялі на пляжы недалёка ад вады. Мясцовы жыхар растлумачыў мне, што гэта “саўны” для адпачываючых на пляжы. Саўны ў жылых прычэпах? Мабільныя саўны, так сказаць? Ну ладна, як бы гэта ні было - калі б Беларусь мела сваё мора, тут дакладна лазьняў было б мора!
Чаго не хапае, Беларусь кампенсуе балотамі. Наогул, Беларусь - гэта вельмі багаты вадою рэгіён. Тут ёсьць шмат азёраў і рэк, дзякуючы чаму яе па ландшафтных характарыстыках можна аднесьці да аднаго з найцікавейшых рэгіёнаў Эўропы, бо тут можна бавіць час зусім па-рознаму. Найперш рыбалка (якой беларусы рэгулярна займаюцца хутчэй як хобі, чым для кармленьня сваіх сем’яў), якая ў паўночнай Нямеччыне з-за геаграфічнай блізкасьці мора мае пэўнае эканамічнае значэньне. Тутэйшая глеба лічыцца вельмі ўрадлівай, што адыгрывае важную ролю ў сельскай гаспадарцы. І, вядома, шмат балотаў. Нездарма беларуская мова мае шмат слоў, якія абазначаюць больш-менш тое ж самае: балота, багна, дрыгва, твань, патапеча... А тут якія паралелі можна правесьці з паўночнай часткаю Нямеччыны?
Пра багаты выбар арыгінальных “шнапсаў” на поўначы Нямеччыны сёньня ня варта казаць. Але гэтую частку Нямеччыны можна й у гэтай галіне параўноўваць зь Беларусьсю. А што наконт гарбаты? Я магу памыліцца, але беларускаму народу больш даспадобы гарбата, чым кава (прынамсі ёсьць такая тэндэнцыя). У гэтым пляне яны падобныя да ўсходніх фрызаў, якія, у адрозьненьні ад беларусаў, п'юць гарбату зь вяршкамі (прынамсі калі строга па традыцыях і звычаях – гарбата з малаком альбо зь вяршкамі ў Нямеччыне гэтаксама даволі непрынятая справа).
Мой блог будзе прысьвечаны выключна беларускай культуры, мове й літаратуры. Я буду таксама публікаваць міжкультурныя запісы, у якіх параўноўваюцца асаблівасьці Беларусі зь фэномэнамі Нямеччыны (і наадварот). Усе запісы будуць публікавацца на дзьвюх мовах, на беларускай і на нямецкай.
Гэта нямецка-беларускі блог. З гэтай прычыны я прашу чытачоў дасылаць мне ўсялякую інфармацыю пра мерапрыемствы, якія маюць дачыненьне да Беларусі і якія адбываюцца ў Нямеччыне і ў Беларусі: анонсы канцэртаў, п’есаў, чытаньняў, дакладаў і г. д. Я буду ўдзячны за ўсе спасылкі на мерапрыемствы, якія я змагу тады зьмясьціць у гэтым блогу.
Параўнаньне Паўночнай Нямеччыны і Беларусі, нават адносна ландшафту, бясспрэчна, праблематычнае. Несумненна, я буду спакваля пазнаваць больш глыбока “мэнталітэт” паўночных немцаў. Ці “сфармаваныя” на вёсцы беларусы і паўночныя немцы, якія таксама нярэдка “фармаваліся” на вёсцы, маюць падобны мэнталітэт? Пабачым.
* Заўвага: нямецкае слова (die) Heide абазначае пэўны тып ландшафту, для якога характэрная глеба бедная пажыўнымі рэчывамі і з гэтай прычыны не прыдатная для земляробства; у паўночнай Нямеччыне сустракаецца шмат Heiden. Дадзецныя ў слоўіках пераклады “пустошь” (расійская мова) і “пустэча” (беларуская мова) не зусім перадаюць сэнс нямецкага слова.

Comments
Таму думаю, што пераклад (die) Heide - “пустэча” не такі і далёкі (не блытаць з "пустэльняй"). Калі менавіта казаць пра паўночнанямецкія Heide, то можна па сэнсу перакладаць як "выпрацаваная зямля", "выпрацаваная глеба" альбо проста "пустаглеб" :)
Дарэчы чым не цікавая тэма для твайго блога - пра пошук моўных адпаведнасьцяў паміж нямецкай і беларускай мовамі? ;)
Вельмі прыемна чытаць чалавека не з Беларусі, які піша на беларускай!!! Уаў! Вялізная павага і падзяка за гэта!
Салігорск чытае ўжо блог таксама :)
Danke schön :)
Дзякуй за цікавы допіс. Расійская Тула ўжо таксама чытае Ваш блог :)
у мінулым годзе ў Беларусі было каля 90 тыс. турыстаў, зь іх 60 - з краін СНД. вось і ўвесь турызм. няма ўмоваў для яго разьвіцьця.
а ўвогуле, думаю, будзе цікава чытаць ваш блёг, так што - Менск на сувязі!;)
http://ru.wikipedia.org/wiki/Экономика_
Пішыце больш :)
І буду яшчэ шмат-шмат-шмат пісаць ))))) дзякуй!
Масты, Гарадзеншчына
вас чытаюць і ў Залессі (Смаргонскі раён)
асабіста для мяне адсутнасць мора ў Беларусі - жахлівая рэч:) і гэта штурхае да мора кожнае лета:) падчас атрымліваецца вырвацца:) вельмі люблю Балтыку:)